четверг, 25 августа 2016 г.

На старонках "Настаўніцкай газеты"

З карыстальнікаў у творцы
На працягу мінулага тыдня 47 педагогаў з васьмі гарадоў Беларусі прайшлі вучобу па праграмаванні ў асяроддзі Scratch і методыцы правядзення заняткаў на базе IT-акадэміі “КомпАС” у Оршы. Новы праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Парка высокіх тэхналогій стартуе 1 верасня.

— Мы пачынаем з малога, але мэты маем глабальныя. Сёння школьнікі выдатна арыентуюцца ў інтэрнэце, разбіраюцца ў камп’ютарных гульнях — і за рэдкім выключэннем зусім не разумеюць прынцыпаў, як тыя працуюць. Быць спажыўцом, падрыхтаваным карыстальнікам ІТ-рэсурсаў недастаткова. Хацелася б, каб нашы дзеці былі творцамі, — падкрэсліў падчас сустрэчы з педагогамі намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. — Праект стане выдатным інструментам у вырашэнні пастаўленых перад сістэмай адукацыі задач. Ён дазваляе працаваць з дзецьмі з ранняга ўзросту, актыўна садзейнічае іх развіццю. Атрыманыя школьнікамі навыкі спатрэбяцца ім незалежна ад будучай прафесіі.
Як расказаў Аляксандр Марцінкевіч,
ідэя стварыць праграму па распрацоўцы камп’ютарных гульняў з’явілася ў чэрвені мінулага года. Праз некаторы час новая праграма была з поспехам пратэсціравана ў адукацыйным цэнтры Парка высокіх тэхналогій. У студзені тут адбыўся круглы стол на тэму “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнага інстытута адукацыі, Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кампаній — рэзідэнтаў ПВТ і настаўнікаў, якія мелі вопыт выкладання Scratch у пачатковай школе ад 3 да 5 гадоў. З ліку выкладчыкаў-практыкаў былі сфарміраваны дзве групы распрацоўшчыкаў вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch для навучэнцаў 5—6 класаў. Так, пры падтрымцы рэзідэнтаў ПВТ у адукацыйным цэнтры былі распрацаваны праграмы “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch” (2—4 класы) і “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch” (5—6 класы), якія 24 чэрвеня зацверджаны прэзідыумам Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэкамендаваны для выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
1 верасня ў 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі пры ўдзеле Парка высокіх тэхналогій стартуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch”.
— У праекце ўдзельнічаюць школы Ліды, Воранава, Васілішак, Краснасельска, Наваполацка, Віцебска і Оршы. Плануецца падрыхтаваць 50 высокакваліфікаваных выкладчыкаў, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. — Наша галоўная мэта — падчас факультатыўных курсаў праграмавання для дзяцей з 1 па 6 клас выпрацаваць методыку выкладання новых праграм, інтэграваць іх у адукацыйны працэс для далейшага выкарыстання ў агульнаадукацыйных школах. Плануецца, што педагогі арганізуюць навучанне не менш за 1000 школьнікаў па вучэбных праграмах факультатыўных заняткаў ва ўстановах адукацыі, на базе якіх рэалізоўваецца інавацыйны праект. У перспектыве гаворка ідзе аб стварэнні новага асяроддзя адукацыі. Па сутнасці, гэта цесна пераклікаецца са словамі кіраўніка нашай дзяржавы на V Нацыянальным сходзе пра тое, што адукацыя павінна быць практыка-арыентаванай і звязанай з ІТ-тэхналогіямі.
Да пачатку навучальнага года Парк высокіх тэхналогій таксама падрыхтуе 20 трэнераў па навучанні выкладчыкаў з ліку настаўнікаў інфарматыкі і пачатковых класаў, прадметнікаў, студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей старшых курсаў методыцы выкладання распрацаваных факультатыўных курсаў на базе рэгіянальных ІТ-акадэмій ПВТ, БДУІР, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Мінскага і Магілёўскага абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Такім чынам, на працягу наступнага навучальнага года будзе створана сістэма падрыхтоўкі трэнераў і навучання выкладчыкаў праграмам факультатываў, сфарміравана сеткавае супольніцтва выкладчыкаў Scratch на базе партала Scratch.by, распрацаваны курс відэаўрокаў, неабходная вучэбна-метадычная дакументацыя і вучэбныя выданні па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.
— Для педагогаў другі трэнінг запланаваны падчас восеньскіх канікул, і яшчэ адзін адбудзецца напярэдадні новага года. На наступным тыдні мы збіраем выкладчыкаў, якія ўжо маюць вопыт выкладання Scratch, яны таксама далучацца да нашага праекта, — паведаміў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. — Калі ўсё запланаванае атрымаецца, то да студзеня мы пачнём распрацоўваць факультатыўны вучэбны курс па выкарыстанні Scratch у робататэхніцы. Спадзяюся, што ў рамках нашай работы, акрамя змястоўнага складніка — адукацыйных праектаў, узаемадзеяння настаўнікаў, мы зможам адпрацаваць некаторыя дадатковыя элементы і ў выніку выйсці на распрацоўку вучэбнай праграмы па інфарматыцы.
Таццяна БОНДАРАВА


Комментариев нет:

Отправить комментарий